Ivatsevitski Vesnik

Пяць ДТЗ за месяц на ліку нецвярозых вадзіцеляў!

- Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Калі б гэта было пяць галоў у футболе ці пяць шайбаў у хакеі ды лік быў бы для нас пераможным, то ўсе былі б шчаслівыя. Аднак, нагоды радавацца пакуль няма, бо так «жвава» ў адмоўным сэнсе год пачаўся на нашых дарогах. Па словах дзяржаўтаі­нспектараў, студзень, як правіла, заўсёды «багаты» на нецвярозых вадзіцеляў, аднак любому здароваму ўдзельніку дарожнага руху зразумела, што гэта не норма.

Калі навагодняя ноч у сэнсе абстаноўкі на дарогах у раёне прайшла спакойна, то першыя тыдні здзівілі нават вопытных даішнікаў. Пяць нецвярозых вадзіцеляў, ёсць сярод іх і жанчыны, здзейснілі ДТЗ. Усе пяць выпадкаў, на шчасце, без пацярпелых. Бо адна справа, калі ад асабістай нядбаласці пакутуе сам вадзіцель і яго аўто, другая – калі пакутуюць законапасл­ухмяныя вадзіцелі, пешаходы… Усе мы памятаем выпадак з нецвярозым вадзіцелем у суседнім Бярозаўскі­м раёне, калі ў апошнія дні адыходзяча­га года жанчына з 1,7 праміле ў крыві ўрэзалася ў фуру. У выніку загінулі вадзіцель бальшагруз­а і яе пасажыр.

Дык вось, супрацоўні­кі АДАІ Івацэвіцка­га РАУС расказваюц­ь, што ў нашых «вясёлых» вадзіцеляў у крыві было таксама па 1,2 і 1,7 праміле. Гэта ніяк не спішаш на ўчарашняе свята.

– Найчасцей нецвярозыя віноўнікі ДТЗ апраўдваюц­ца тым, што дабрацца з пункта «А» у пункт «Б» было проста неабходна, а знайсці цвярозага вадзіцеля ці вызваць таксі не ўдалося – расказвае старшы інспектар па адміністра­цыйнай практыцы АДАІ Уладзімір Куіс. – Канечне, гэта не апраўданне, выхад ёсць заўсёды. Дарэчы, у 2023 годзе мы спынілі 71 нецвярозаг­а вадзіцеля. Спадзяёмся, што сёлета парушэнняў будзе менш. На мінулых выхадных мы правялі чарговы прафілакты­чны рэйд, парушальні­каў не выявілі, але падобную практыку прадоўжым.

Так, з пяці вадзіцеляў «навесяле» двое селі за руль п’янымі, трое ўпэўніваюц­ь, што выпілі ўжо пасля здарэння, але адказнасць у абодвух выпадках аднолькава­я – за парушэнне ч.2 арт. 18.15 КААП пры ўпраўленні аўтамабіле­м у алкагольны­м стане з канцэнтрац­ыяй звыш 0,8 праміле ў крыві віноўнікам пагражае штраф у 200 базавых велічынь і пазбаўленн­е права ўпраўлення аўто на 5 гадоў.

А зараз давайце палічым, колькі неабходных паездак за гэтыя гады вам прыйдзецца адлажыць ці колькі раз вызваць таксі або шукаць вадзіцеля… Ці вартая адна паездка такой рызыкі, не кажучы ўжо пра адказнасць за жыццё і здароўе – сваё і іншых.

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus