«Ад паўднёвага полюса да паўночнага»
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сур’ёзнай сумеснай рабоце з Уладзімірам Пуціным
Прэзідэнт Беларусі расказаў аб сур’ёзнай сумеснай рабоце, праведзенай з Прэзідэнтам Расіі за апошнія дні. Аб гэтым ён заявіў на пасяджэнні ВДС у Санкт-пецярбургу.
«Мы сапраўды вельмі сур’ёзна папрацавалі гэтыя два дні. Можна адкрыта сказаць: ад паўднёвага полюса да паўночнага. Абмеркавалі праблемы і Антарктыды – ствараюцца там больш камфортныя ўмовы для работы расіян, зімовачны комплекс створаны. Але самае важнае, што там ніхто нічога не дзеліць. Беларусы працуюць разам з расіянамі. Наша станцыя побач. І ўсялякая дапамога – і навуковая, і ў быце – аказваецца беларускім спецыялістам, якія там размешчаны», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: «Далей мы з Уладзімірам Уладзіміравічам з поўдня ішлі на поўнач. Прааналізавалі тыя падзеі, якія адбываюцца ў свеце. Вазьміце наша імкненне – Расіі і Беларусі, Кітайскай Народнай Рэспублікі… У авангардзе гэтага ідзе Расія, таму што яна больш за ўсё нагрузку нясе. І цярпіць больш, чым хто-небудзь».
Прэзідэнт падкрэсліў, што надыход шматпалярнага свету і нежаданне цяперашняга манапаліста здаваць пазіцыі прыводзіць да канфліктаў у розных кропках на карце свету. «І хусіты, і Блізкі Усход, і Паўднёва-кітайскае мора, праблемы с Тайванем – гэта ўсё ад таго, што надыходзіць шматпалярны свет. Як гаварыў міністр замежных спраў Расіі, гэтага не хочацца манапалісту. Вось рознымі метадамі і спрабуюць утрымаць аднапалярны свет. Дайшлі да ўзброеных канфліктаў», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, на перагаворах з Уладзімірам Пуціным абмяркоўваліся і пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку з краінамі Азіі і Афрыкі.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў работу па развіцці грузаперавозак па Паўночным марскім шляху. «Мы вельмі хацелі б, каб гэта праграма была хутчэй рэалізавана. Нам лягчэй было б працаваць», – падкрэсліў ён. «Як бачыце, цэлы комплекс пытанняў – з поўдня на поўнач», – рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.